Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі

Памятнае мерапрыемства з нагоды 80-годдзя са дня нацыянал-сацыялісцкага злачынства ў Хатыні

28.03.2023 - Артыкул
Ускладанне вянка ў Хатыні 
Ускладанне вянка ў Хатыні  © Пасольства Германіі ў Мінску

Жудасны лёс вёскі Хатынь – сімвал таго, што Беларусь і яе жыхары асабліва пацярпелі ад недаравальных злачынстваў нацыянал-сацыялісцкага рэжыму супраць чалавечнасці, здзейсненых немцамі і па віне немцаў. У гэты дзень, 22 сакавіка 1943 года, восемдзесят гадоў таму жыццё вёскі Хатынь на працягу некалькіх гадзінаў было гвалтоўна абарвана. Больш за 140 жыхароў вёскі, палова з якіх – дзеці, былі забіты немцамі і па віне немцаў. Выжылі толькі каваль Іосіф Камінскі і трое дзяцей. Забойцы спалілі ўсе дамы. Вёска Хатынь больш ніколі не была адбудавана.
На гэтым месцы створаны мемарыяльны комплекс, які ўражвае. Стоячы як быццам між руінамі спаленай вёскі, пачынаеш уяўляць сабе неймавернае: дзяцей, якія толькі што гулялі на вясковай вуліцы і ў наступнае імгненне сталі ахвярамі вар’яцтва забойцаў; дамы, у якіх людзі жылі, працавалі, радаваліся – і праз некалькі гадзін былі разбураны ўшчэнт; цэлая вёска, якая перастала ёй быць і больш ніколі ёй не стала.

Ускладанне вянка ў Хатыні
Ускладанне вянка ў Хатыні © Пасольства Германіі ў Мінску

​​​​​​​Мемарыял Хатынь нагадвае аб больш за 600 беларускіх вёсак, спаленых немцамі і па віне немцаў, жыхары якіх былі забіты. Тут увекавечаны і назвы больш за 260 месцаў у Беларусі, дзе немцы і прадстаўнікі іншых народаў па віне немцаў планамерна катавалі і забівалі людзей. Так у Хатыні пераплятаецца гістарычная памяць аб двух недаравальных злачынствах немцаў супраць чалавечнасці, сляды якіх захаваліся ў гісторыі кожнай беларускай сям’і: памяць аб вайне нацыянал-сацыялісцкага рэжыму на знішчэнне Савецкага Саюза і яго народаў, якая адняла жыцці 27 мільёнаў людзей. І памяць аб Шоа, забойстве шасці мільёнаў грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці.
Грамадзяне і ўрад Германіі ва ўсе часы будуць захоўваць памяць аб злачынствах, здзейсненых немцамі і па віне немцаў між 1933 і 1945 гадамі ў Хатыні і ў многіх іншых месцах. Германія заўсёды будзе вернай памяці мільёнаў людзей, якія пацярпелі ад нянавісці немцаў, антысемітызму і смяротнага расавага вар’яцтва; людзей, жыцці якіх абарвала гвалтоўная смерць. Германія заўсёды будзе праводзіць і падтрымліваць гістарычныя даследаванні недаравальных учынкаў нямецкай тыраніі. Тое, што адбылося ў Хатыні і ў занадта многіх іншых месцах Беларусі і Еўропы па віне немцаў, ніколі не павінна паўтарыцца. 
Намеснік Пасла Германі ў Мінску Міхаэль Новак разам са шматлікімі прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ў Мінску па запрашэнні Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у другой палове дня 22.3. прыняў удзел у памятным мерапрыемстве ў мемарыяльным комплексе Хатынь. Ён усклаў кветкі ў памяць аб ахвярах германскай нацыянал-сацыялісцкай тыраніі ў Беларусі.

Да пачатку старонкі