Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі
Пасол Хутэрэр 22 сакавіка 2022 г. наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”
79 гадоў таму, 22 сакавіка 1943 года, амаль усе жыхары беларускай вёскі Хатынь былі забіты немцамі і ад імя немцаў, іх дамы былі спалены. Толькі вясковы каваль Іосіф Камінскі і трое дзяцей перажылі знішчэнне вёскі і забойства яе жыхароў. Больш за 140 жыхароў вёскі, палова з іх – дзеці, сталі ахвярамі трагедыі 22 сакавіка 1943. Хатынь так і не была адбудавана. На месцы, дзе яна некалі знаходзілася, сёння ўражлівы мемарыяльны комплекс нагадвае аб недаравальным злачынстве Хатыні і больш за 600 беларускіх вёсак і іх жыхароў, якіх напаткаў такі ж лёс.
Пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр 22 сакавіка 2022 г., у гадавіну злачынства ў Хатыні, наведаў мемарыяльны комплекс. “Германія ніколі не забудзе тое, што адбылося тут ад імя немцаў. Боль невыказны. Я схіляюся перад Вамі”, сказаў Хутэрэр падчас свайго візіту аддаючы даніну памяці ахвярам. Пасол Хутэрэр усклаў вянок у гэтым памятным месцы. Разам з ім Хатынь наведала Часовы Павераны ў справах Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Эвеліна Шульц і ўсклала кветкі.
Хатынь і іншыя спаленыя вёскі Беларусі – сімвалы амаль невымяральных пакут, прынесеных Беларусі і яе насельніцтву злачынствамі, здзейсненымі немцамі і ад імя немцаў у знішчальнай вайне супраць Савецкага Саюза. Мемарыяльны комплекс «Хатынь» дазваляе нашчадкам паспрабаваць прынамсі атрымаць уяўленне аб тым, што практычна немагчыма ўсвядоміць: дзеці, якія толькі што гулялі на вясковай вуліцы, а праз імгненне ўжо сталі ахвярамі забойніцкага вар’яцтва; дамы, у якіх людзі жылі, працавалі, адчувалі радасць, за некалькі гадзін разбураныя да падмурка; цэлая вёска, якая перастала ёй быць і ніколі больш не была адноўлена.
Памяць аб злачынствах, здзейсненых немцамі і ад імя немцаў з 1933 па 1945 гады ў Хатыні і ў іншых населеных пунктах, якіх занадта шмат, урад Германіі і яе грамадзяне захаваюць назаўсёды. Памяць аб мільёнах людзей, якія пакутавалі і загінулі ад нянавісці немцаў, антысемітызму і забойніцкага расісцкага вар’яцтва, Германія будзе захоўваць і шанаваць заўсёды. Германія прызнае сваю гістарычную адказнасць за гэта. З яе вырастае абавязак не дапусціць, каб такое калі-небудзь паўтарылася.