Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі
Прывітальнае слова Часовага паверанага ў справах Германіі ў Беларусі Міхаэля Новака на памятным мерапрыемстве ў ММАЦ (IBB) з нагоды 80-годдзя ліквідацыі Мінскага гета
Паважаны спадар Платцэк, дарагія прадстаўнікі IBB,
Паважаны спадар Рагатнікаў, дарагія прадстаўнікі яўрэйскіх абшчын і арганізацый у Беларусі,
паважаныя прадстаўнікі рэлігійных абшчын,
паважаныя сведкі ваеннага часу,
паважаныя калегі па дыпламатычным корпусе,
дарагія госці з Германіі, дарагія сябры Пасольства Германіі,
сёння – знамянальны дзень, мы ўспамінаем забойства людзей у Мінскім гета 80 гадоў таму – адно з незлічоных злачынстваў, здзейсненых нацыянал-сацыялістамі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Мы шануем памяць ахвяр знішчальнай вайны супраць Савецкага Саюза і памяць ахвяр Халакосту.
Асабліва важна, што ў гэты дзень мы аддаём даніну памяці разам. Сёння сярод нас людзі, якія бачылі гэты жах на свае вочы і адчулі яго на сабе. Яны могуць расказаць нам пра тое, што перажылі, і робяць успаміны канкрэтнымі. Таксама тут прысутнічаюць нашчадкі тагачасных ахвяр і гісторыкі. З іх дапамогай мы можам усвядоміць тое, што адбылося, і захаваць памяць аб гэтых падзеях для будучых пакаленняў.
Сённяшняе мерапрыемства сумесна арганізавана Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Іаганеса Рау (IBB) і Саюзам беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын. Гэта паказвае, колькі мы разам дасягнулі за апошнія дзесяцігоддзі. Акрамя таго, сёння прысутнічаюць не толькі прадстаўнікі розных беларускіх арганізацый, але і дзве дэлегацыі з Германіі. Гэта прыемны знак таго, што абмен паміж грамадскімі супольнасцямі нашых краін па-ранейшаму магчымы нават у час вялікіх палітычных супярэчнасцяў.
І, нарэшце, яшчэ адзін факт, які падаецца мне асабліва важным. Сёння тут прысутнічае мая паважаная калега спадарыня Гольдман-Адут з Пасольства Ізраіля. Усе мы ў гэтай зале ведаем, які цяжкі час перажывае зараз Ваша краіна. Таму ў гэты дзень памяці я хацеў бы запэўніць Вас у нашай сённяшняй салідарнасці. Прэзідэнт Федэратыўнай Рэспублікі Германія Франк-Вальтэр Штайнмаер сказаў учора на дэманстрацыі ў Берліне: абарона жыцця яўрэяў – не толькі дзяржаўны, але і грамадзянскі абавязак.
Шчыра дзякую ўсім арганізатарам гэтага мерапрыемства. З задавальненнем чакаю цікавых размоў гэтым вечарам.