Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі
Прамова Часовага паверанага ў справах Германіі ў Беларусі Міхаэля Новака на Дзень Германскага адзінства 2023
Вашы правасхадзіцельствы, паважанае спадарства,
дарагія сябры Пасольства Германіі,
з 1990-га года 3 кастрычніка для нас, немцаў, асаблівы дзень. 33 гады таму адбылося ўз'яднанне Германіі. Такім чынам была дасягнута мэта, якая доўгі час здавалася неймаверна далёкай, аднак усё ж працягвала існаваць. Напрыклад, 26 верасня 1973 года, пасля прыняцця ФРГ і ГДР у Арганізацыю Аб'яднаных Нацый Федэральны канцлер ФРГ Вілі Брандт, выступаючы перад Генеральнай Асамблеяй, заявіў:
«Мы, Федэратыўная Рэспубліка Германія, будзем (…) накіроўваць свае дзеянні на дасягненне міру ў Еўропе, які дазволіць і нямецкаму народу зноў здабыць сваё адзінства ў свабодным самавызначэнні».
Для таго, каб праз 27 год пасля гэтай прамовы ўз'яднанне Германіі стала магчымым, павінна было супасці мноства фактараў. Вырашальнымі сярод іх сталі два: па-першае, сотні тысяч грамадзян ГДР выходзілі на вуліцы краіны і мірнымі метадамі выступалі за свабоду, годнасць і самавызначэнне. Яны дабіліся першых дэмакратычных выбараў у краіне і паклалі канец дыктатуры Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі. Па-другое, дзяржаўныя дзеячы ГДР і ФРГ прадэманстравалі найвышэйшае дыпламатычнае майстэрства і дамовіліся аб умовах уз’яднання – у адпаведнасці з воляй людзей у Германіі і ў згодзе з нашымі суседзямі і партнёрамі. Тады атрымалася не толькі пераадолець раздзяленне Германіі, але і зноў зрабіць увесь еўрапейскі кантынент адным цэлым.
Наколькі выключным быў гэты гістарычны момант, нам паказвае сённяшні дзень. Еўропа зноў ахоплена вайной пасля таго, як Расія, – з падтрымкай беларускіх улад – парушыўшы нормы міжнароднага права, напала на суседнюю Украіну. Я не буду зараз дэталёва спыняцца на бессэнсоўнасці гэтай вайны, справакаванай ілюзіямі імперыялізму, вайны, якая парушае забарону ААН на прымяненне сілы і кожны дзень прыносіць вялізную колькасць новых бязвінных ахвяр ва Украіне.
Сёння я хутчэй хачу звярнуць увагу на тое, што на нашым кантыненце магчыма іншая будучыня, нават калі зараз здаецца, што да ўсталявання міру бясконца далёка. Сёння я хачу нагадаць, што Беларусь глыбока і моцна ўкаранёна на нашым агульным еўрапейскім кантыненце – геаграфічна, гістарычна, ментальна. Сёння я хачу падкрэсліць: у суверэннай, свабоднай Беларусі еўрапейская будучыня.
Усе вы, хто сабраліся сёння, каб адсвяткаваць з намі Дзень Германскага адзінства, не горш за мяне ведаеце, што адносіны паміж Еўропай і Беларуссю, паміж Германіяй і Беларуссю зараз далёкія ад тых, якімі маглі бы быць. Балюча ўсведамляць, што ў гэты дзень тут няма многіх з нашых партнёраў, якія несправядліва знаходзяцца ў зняволенні ці былі вымушаны пакінуць родную Беларусь. Такія арганізацыі, як Інстытут імя Гётэ ці Германская служба акадэмічных абменаў, якія дзесяцігоддзямі працавалі над – у прамым сэнсе гэтага слова – паразуменнем паміж нашымі краінамі, пад ціскам беларускіх улад былі вымушаны спыніць сваю дзейнасць у Беларусі.
Тым важней з улікам гэтай глыбокай палітычнай бездані далей падтрымліваць кантакты паміж людзьмі ў нашых краінах. Мы, немцы, шануем памяць тых, хто стаў ахвярамі злачынстваў тыраніі нацыянал-сацыялізму. Мы ўдзячны за дар прымірэння і вельмі цэнім узаемадзеянне з яўрэйскімі абшчынамі ў Беларусі. Мы хочам і надалей падтрымліваць грамадзянскую актыўнасць, такую, як шматлікія германа-беларускія ініцыятывы па аказанні дапамогі ахвярам наступстваў Чарнобыля, якія ўжо некалькі дзесяцігоддзяў вядуць каштоўную і паспяховую працу. Спадзяемся, што гэта падтрымаюць і дзяржаўныя органы Беларусі. І як і раней, мы хочам даваць беларусам магчымасць ездзіць у Германію. Толькі на працягу гэтага года мы ўжо выдалі больш за 40 000 віз.
І нават калі зараз пазітыўная будучыня для германа-беларускіх, еўрапейска-беларускіх адносін існуе толькі ў выглядзе жадання, яна магчыма, і мы над гэтым працуем.