Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі
Пасол Манфрэд Хутэрэр 8 і 9 мая 2022 аддаў даніну памяці ахвярам вайны і тыраніі нацыянал-сацыялізму
77 гадоў таму, 8 і 9 мая 1945 г., Другая сусветная вайна ў Еўропе скончылася капітуляцыяй нацыянал-сацыялісцкай Германіі. Гэта быў дзень вызвалення.
Такія назвы і паняцці, як «Яма», «Хатынь» ці «Бітва за Мінск» паказваюць, што Беларусь і яе насельніцтва асабліва пакутавалі ад тыраніі нацыянал-сацыялісцкай Германіі. Халакост і вайна на знішчэнне супраць Савецкага Саюзу – злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя немцамі, якім толькі з капітуляцыяй Германіі 8 і 9 мая быў урэшце пакладзены канец. Беларусы, украінцы, рускія ці грузіны вызваліліся ад тыраніі нацыянал-сацыялізму.
Для нас, немцаў, варварскія і недаравальныя злачынствы, здзейсненыя немцамі, – падстава для найглыбейшага сораму. Шанаваць памяць ахвяр і памятаць аб гэтых злачынствах – абавязак, які ўрад Германіі прымае на сябе на ўвесь час. Урок мінулага: Такога ніколі больш не павінна паўтарыцца!
Да 8 і 9 мая 1945 года немцы настолькі глыбока былі ўцягнутыя ў бездань віны і накліканай імі бяды, што іх вызваленне магло адбыцца толькі звонку – сіламі саюзнікаў з усходу і захаду. У гэты дзень яны атрымалі вызваленне. Гэта вызваленне патрабавала ўвасаблення ў жыццё.І ў выніку ў немцаў атрымалася паспяхова справіцца з гэтай задачай. Сёння шмат людзей удзельнічаюць у ініцыятывах, якія выступаюць за захаванне памяці і за прынцып «Ніколі больш!».
Тое, што ў Беларусі і ў шматлікіх іншых краінах людзі праявілі гатоўнасць падаць нам, немцам, руку пасля 1945 года – сапраўдны дар. Разам памятаць, шанаваць памяць ахвяр і праводзіць даследаванні. Разам працаваць для рэалізацыі прынцыпу «Ніколі больш!». Гэты дар мы, немцы, абавязкова захаваем. У Мінску яго увасабляюць Міжнародны адукацыйны цэнтр IBB і Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна.
8 і 9 мая Пасол Германіі ў Беларусі спадар Манфрэд Хутэрэр у Мінску аддаў даніну памяці ахвярам вайны і тыраніі нацыянал-сацыялізму.