Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі

Развітальны зварот Часовага паверанага ў справах Германіі ў Беларусі Міхаэля Новака

10.07.2024 - Артыкул

Пасля трох гадоў працы ў Беларусі Часовы павераны ў справах Германіі Міхаэль Новак вяртаецца ў Берлін. У сваім відеазвароце (з субтытрамі на беларускай і нямецкай мовах) ён развітваецца з беларусамі і расказвае, як яму падабалася ў Мінску і Беларусі.

Мы жадаем Міхаэлю Новаку ўсяго добрага!    


Тэкст развітальнага звароту: 

Дарагія калегі, партнёры, сябры Пасольства Нямеччыны ў Мінску!

Я хутка вярнуся дадому, але перад тым, як паехаць, я хацеў бы з Вамі падзяліцца некалькімі думкамі аб Беларусі.

Беларусь – гэта краіна з вельмі прыгожай і часткова некранутай яшчэ прыродай. Я вельмі люблю тут азёры, лясы, балоты, дзе можаце ўбачыць яшчэ дзікіх жывёл, можаце вандраваць ці катацца на байдарках.

Беларусь – гэта краіна з багацейшай уласнай гісторыяй і культурай. Беларуская мова – вельмі меладычная, і на ёй напісаны цудоўныя творы літаратуры.

Беларусь – гэта таксама краіна, якая моцна пацярпела ад злачынстваў тыраніі нацыянал-сацыялізму. Мы шануем і будзем шанаваць шматлікіх ахвяр у такіх месцах, як Хатынь, Малы Трасцянец, Чырвоны Бераг, Азарычы, Мінскае гета і шматлікіх другіх месцах.

Беларусь – гэта таксама краіна, з якой мы хацелі б мець добрыя адносіны ва ўсіх сэнсах. Я з болем гляджу на тое, што адбываецца ў гэтым рэгіёне, на бессэнсоўны гвалт вайны Расеі супраць Украіны, вашага паўднёвага суседа.

З болем усведамляю, што ёсць столькі палітычных зняволеных у Беларусі, што столькі партнёраў Амбасады былі вымушаны пакінуць сваю радзіму Беларусь ці спыніць сваю працу.

Але я веру, я ўпэўнены, што магчыма іншая, лепшая будучыня – і гэта дзякуючы цудоўным людзям, беларусам і беларускам. Рэдка падчас сваёй дыпламатычнай службы я сустракаў такіх шчырых, адкрытых, сумленных людзей.

Мы з вамі не развітваемся, я проста скажу: усяго найлепшага і да сустрэчы!

   

Да пачатку старонкі