Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі
Выступленне Прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Германія Штайнмаера з нагоды 80- годдзя нападзення Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года і адкрыцця выставы «Маштабы аднаго злачынства. Савецкія ваеннапалонныя ў Другой сусветнай вайне» у Берліне 18 чэрвеня 2021 г.
Выступленне Прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Германія Франка-Вальтэра Штайнмаера з нагоды 80- годдзя нападзення Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 года і адкрыцця выставы «Маштабы аднаго злачынства. Савецкія ваеннапалонныя ў Другой сусветнай вайне» у Берліне 18 чэрвеня 2021 г.
22 чэрвеня 1941 года Барыс Папоў – малады радавы мотапехоты. Яму дзевятнаццаць. Яго часць размешчана ў некалькіх кіламетрах ад Мінска. Ён расказвае, што раніцай 22 чэрвеня пасля снедання пайшоў з таварышамі ў сад загараць. Там, лежачы ў траве, Барыс Папоў чуе першыя стрэлы і выбухі. Была нядзеля.
Два яго таварышы загінулі адразу ў першых баях, яго танк разбураны. Камандзір палка дае загад адступаць. Салдаты пяшком ідуць у Мінск. Яны яшчэ не ведаюць, што там іх ужо чакае германскі вермахт. Так Барыс Папоў – у дзесяці кіламетрах ад Мінска – трапляе ў нямецкі палон.
Першы лагер, у які яго накіроўваюць – «Дразды», у пяці кіламетрах на поўнач ад Мінска – на самой справе, не лагер, а месца збору пад адкрытым небам. Кадры ў нямецкіх штотыднёвых хроніках таго часу паказваюць гэта месца: вялізная неаглядная пляцоўка, агароджаная калючым дротам, на якой сядзяць ці стаяць у пыле пад пякучым сонцам тысячы савецкіх салдат і афіцэраў. Маладыя і ужо старэйшыя мужчыны. Недзе сярод іх і Барыс Папоў. Мы чуем, як дыктар каменціруе кадры ў нямецкай хроніцы: «Твары гэтых недачалавекаў адзначаны драпежнасцю і прагай да забойства». На самой справе, на гэтых кадрах бачны скажоныя голадам і смагай твары цалкам абяссіленых палонных.
Толькі ў «Драздах» ахвярамі так званага «Загаду аб камісарах» стануць дзесяць тысяч чалавек. З тымі, каго лічылі «паліткамісарамі» Чырвонай Арміі, на загад вермахта трэба было абыходзіцца не як з ваеннапалоннымі, а «знішчаць на месцы».
Барыс Антонавіч Папоў, салдат і ветэран Чырвонай Арміі, памёр роўна год таму, 20 чэрвеня 2020 года, ва ўзросце 98 гадоў. Я не быў асабіста знаёмы з ім, але чуў гісторыю яго жыцця. Яе расказваў нам сам Барыс Папоў у сваіх дакладах, выступленнях і апошні раз пяць гадоў таму ў дакументальным фільме тэлерадыёкампаніі «Рундфунк Берлін-Брандэнбург».
У гэтым фільме мы бачым Барыса Папова на лаўцы ў адным з паркаў Мінска, дзе ён жыў з 1950 года. Ён сядзіць там, не падобны да чалавека, якому за дзевяноста. Так, немалады, але няма і следу стомленасці. Жывы, захаваўшы прысутнасць духу – ён пакідае моцнае ўражанне.
Яму пашанцавала. Ён выжыў у вайне. Пашанцавала і нам, што ён змог распавесці нам сваю гісторыю.
Гэта гісторыя толькі аднаго асобнага салдата. А вайна, пра якую ён распавядае, пачалася яшчэ за два гады да таго, з нападзення Германіі на Польшчу. Я ўжо ўзгадваў аб гэтым першага верасня 2019 у польскім Велюні і ў Варшаве. Два гады, за якія Другая сусветная вайна разбурэннем, акупацыяй і тыраніяй ужо прайшла па вялікай частцы Еўропы.
Тое, што прыйшло пасля, тое, што пачалося 22 чэрвеня 1941 года, было эскалацыяй нянавісці і гвалту, радыкалізацыяй вайны аж да вар’яцтва татальнага знішчэння. З першага дня паход нямецкіх войск праходзіў пад знакам нянавісці: антысемітызму і антыбальшавізму, вар’яцтва расавай ідэалогіі ў адносінах да славянскіх і азіяцкіх народаў Савецкага Саюза.
Тыя, хто вялі гэту вайну, забівалі ўсімі магчымымі спосабамі, з беспрэцэдэнтнай жорсткасцю і бязлітаснасцю. Тыя, хто няслі за яе адказнасць, хто ў сваім нацыяналістычным вар’яцтве нават спасылаліся на нямецкую культуру і цывілізацыю, на Гётэ і Шылера, Баха і Бетховена, зганьбілі цывілізацыю, парушылі ўсе прынцыпы гуманнасці і права. Вайна Германіі супраць Савецкага Саюза была варварствам забойцаў.
І як бы цяжка гэта нам не было: аб гэтым мы павінны ўзгадваць! І калі яшчэ, як не ў такія гадавіны? Памяць пра гэта пекла, пра абсалютную варожасць і расчалавечванне іншых – гэта памяць застаецца абавязкам для нас немцаў і папярэджаннем для ўсяго свету.
Сотні тысяч савецкіх салдат загінулі ў баях, памерлі з голаду, былі расстраляны ўжо ў першыя месяцы вайны, летам 1941.
Адначасова наступленнем нямецкіх войск пачалося забойства яўрэйскіх мужчын, жанчын і дзяцей расстрэльнымі камандамі СД, СС і іх дапаможнымі часцямі.
Сотні тысяч мірных жыхароў ва Украіне, Беларусі, краінах Балтыі і Расіі сталі ахвярамі бамбардзіровак, бязлітасных праследванняў і забойстваў за партызанскую дзейнасць. Разбураліся гарады, спальваліся вёскі. На старых фатаграфіях толькі апаленыя цагельныя коміны печаў уздымаюцца над спустошанай зямлёй.
У выніку 27 мільёнаў загінуўшых, якіх будуць аплакваць народы Савецкага Саюза. 27 мільёнаў чалавек нацыянал-сацыялісцкая Германія забіла, знішчыла, збіла да смерці, пазбавіла жыцця, замарыўшы голадам ці прымусіўшы да цяжкай працы.
14 мільёнаў з іх былі мірнымі жыхарамі.
Ніхто ў гэтай вайне не панёс большых ахвяр, чым народы тагачаснага Савецкага Саюза. І гэтыя мільёны ўсё роўна не ўрэзаліся ў нашу калектыўную памяць так глыбока, як таго патрабуюць іх пакуты і наша адказнасць.
Гэта вайна была злачынствам – жудаснай, злачыннай захопніцкай вайной, накіраванай на знішчэнне. Той, хто сёння наведвае месцы, апаленыя вайной, хто сустракаў людзей, якія пацярпелі ад яе, той непазбежна ўспомніць пра 22 чэрвеня 1941 – без памятных дат і манументаў.
Сляды гэтай вайны знаходзяцца ў старых людзях, якія перажылі яе дзецьмі, і ў маладзейшых, іх унуках і праўнуках. Іх можна знайсці ад узбярэжжа Белага мора на поўначы да Крыма на поўдні, ад дзюн Балтыйскага мора на захадзе да Валгаграда на ўсходзе. Гэта знакі вайны, знакі разбурэння, знакі страт.
На дарогах вайны засталіся масавыя пахаванні – брацкія магілы, як кажуць па-беларуску, па-ўкраінску і па-руску.
Бо забойствы працягваліся і па-за лініяй фронту. Салдат вермахта, Паўль Хон, размешчаны ў беларускім Беразіно, 31 студзеня 1942 года пазначае ў сваім дзённіку: «15 гадзін. Ужо гадзіна, як расстрэльваюць усіх яўрэяў, што засталіся тут жывымі, 962 чалавекі – жанчыны, старыя і дзеці расстраляны. […]. Нарэшце. Аперацыю выконвае каманда з 20 гестапаўцаў. Два чалавекі страляюць папераменна. Яўрэі ідуць гусіным крокам […] па снезе да ямы, у якую яны спускаюцца адзін за адным, лажацца і па чарзе іх расстрэльваюць […] Так вынішчаецца зараза. Праз акно з майго працоўнага месца гета бачна на 500 м, добра чуваць крыкі і стрэлы. Шкада, што я не там».
Кожная вайна прыносіць разбурэнне, смерць і пакуты. Але гэта вайна была іншай.
Гэта было варварства, здзейсненае немцамі. Яна каштавала мільёны чалавечых жыццяў, яна спустошыла цэлы кантынент, і яна – сваімі наступствамі – на дзесяцігоддзі падзяліла свет.
Вайна і яе спадчына таксама падзялілі і нашу памяць. І гэты падзел не пераадолены і праз тры дзесяцігоддзі пасля падзення «жалезнай заслоны». Ён застаецца грузам для нашай будучыні. Змяніць гэта – наша задача, задача, для дасягнення якой нам надзвычай патрэбна рабіць намаганні, нягледзячы на межы – праз наша мінулае, але, перш за ўсё, дзеля мірнай будучыні наступных пакаленняў на нашым кантыненце! Таму сёння мы тут, у гістарычным месцы, у музеі, які працуе пры падтрымцы 17 арганізацый з чатырох краін. Сцягі гэтых краін лунаюць перад будынкам музея.
Нават там, дзе бачныя сляды вайны сёння ўжо сцёрліся або схаваліся за зараснікамі непакойнага мінулага стагоддзя, за гадамі сталінізму, «халоднай вайны», спыненнем існавання Савецкага Саюза – іх ўсё роўна можна распазнаць. Вайна па-ранейшаму адчуваецца – як шрам, па якому праводзяць пальцамі.
Але ці робім гэта мы, немцы? Ці глядзім наогул туды, на занадта невядомы для нас усход нашага кантынента?
Хто ў Германіі ведае Малы Трасцянец пад Мінскам, дзе з 1942 па 1944 год былі забіты не менш за 60 000 чалавек? Альбо вёсачку Хатынь, якую вясной 1943 зраўнялі з зямлёй і забілі ўсіх яе жыхароў – палова іх была дзецьмі? Каму вядома Карукаўка на поўначы Украіны, дзе за два дні 6 700 мужчын, жанчын і дзяцей сталі ахвярамі адной з самых маштабных і жорсткіх карных аперацый Другой сусветнай вайны?
Хто ведае горад Ржэў, не так далёка ад Масквы, дзе Чырвоная Армія ў бітве, якая здавалася бясконцай, страціла – і гэта толькі там – больш за мільён загінуўшых і параненых?
Хто ведае гарадок Мізач, перад брамай якога ў адзін дзень, 14 кастрычніка 1942, было расстраляна ўсё яўрэйскае насельніцтва? Толькі пяць фатаграфій нямецкага жандара Густава Хіле нагадваюць пра месца злачынства, дзе сёння распрасцёрліся ўзгоркавыя краявіды.
«Ціха ляжаць мёртвыя целы, пахаваныя ў дварах сярод бур’яну. Цішыня гэта страшнейшая за слёзы і праклёны, жахлівейшая за стогны і крыкі болю,» – піша Васіль Гросман восенню 1943.
Але праз гэту цішыню чуваць іх: гісторыі тых, хто выжыў, савецкіх ваеннапалонных, мужчын і жанчын, вывезеных на прымусовую працу, мірных жыхароў, якіх выгналі з дому і абрабавалі да ніткі, чырвонаармейцаў, якія павінны былі прымусіць вермахт да адступлення і разграміць яго. Адным з іх быў Давід Душман, які – апошнім з тых, хто вызваляў Асвенцым – памёр некалькі дзён таму, як і Барыс Папоў, ва ўзросце 98 гадоў. Ён таксама ўсё сваё жыццё распавядаў аб падзеях, якім быў сведкай.
Так гэта вайна адкідвае доўгі цень, гэты цень ляжыць на нас па сённяшні дзень.
У лісце да сваёй жонкі граф Гельмут Джэймс фон Мольтке, які ў жніўні 1941 працуе ў аддзеле міжнароднага права ў Вярхоўным камандаванні вермахта, піша: «Зводкі з усходу ізноў жудасныя». […] «Горы трупаў» ляжаць «на нашых плячах». Увесь час чуваць навіны пра транспарціроўку палонных і яўрэяў, з якіх на месца прыбываюць толькі дваццаць працэнтаў. Увесь час чуеш, што ў лагерах палонных пануюць голад, тыф і іншыя эпідэміі, узнікаючыя пры недахопе жыццёва неабходнага.
Вайну, пра якую пісаў фон Мольтке, нельга вымярыць ніякімі чалавечымі меркамі. Але тыя, хто прыдумалі і здзейснілі яе, былі людзьмі. Яны былі немцамі.
І, такім чынам, яна – зноў і зноў з пакалення ў пакаленне – пакідае нам пакутлівае пытанне: Як гэта магло адбыцца? Што ведалі нашы продкі? Што яны рабілі?
Нічога з таго, што адбывалася тады далёка на ўсходзе, не адбывалася выпадкова. Айнзацгрупы паліцыі бяспекі, СД, «ВафенСС» і тыя, хто ім дапамагаў, зусім не бяздумна вынішчалі ўсё на сваім шляху. Яны аддаваліся маніі знішчэння і выконвалі смяротныя планы, якія распрацоўваліся ў Галоўным упраўленні бяспекі Рэйха і ў адказных міністэрствах. І яны ішлі ўслед за вермахтам, нямецкімі салдатамі, якія яшчэ да іх рабавалі, прыгняталі людзей альбо забівалі іх па падазрэнні ў партызанскай дзейнасці. Злачынная захопніцкая вайна вялася ў ваеннай форме вермахта. Доля яе бязлітаснасці прыходзілася і на салдат вермахта. Доўга, занадта доўга нам немцам спатрэбілася, каб прызнаць гэты факт.
Планы, якіх прытрымліваліся нямецкія салдаты, называліся «Генеральны план Ост», «План голаду» ці «План Баке». Яны ўзнімалі бесчалавечнасць да свайго прынцыпу. Гэта былі планы мэтанакіраванай эксплуатацыі людзей і давядзення іх да галоднай смерці, выгнання, зняволення і ўрэшце знішчэння.
Чыноўнікі ў Галоўным упраўленні бяспекі Рэйха з цынічнай скрупулёзнасцю планавалі знішчэнне. Яны планавалі вайну, у якой ворагам было аб’яўлена ўсё савецкае насельніцтва: ад немаўлят да старых. Гэтаму ворагу трэба было не толькі нанесці паражэнне ў баі. Ён павінен быў сам расплаціцца за навязаную яму вайну, сваім жыццём, сваёй уласнасцю, усім, што забяспечвала яго існаванне. Уся еўрапейская частка Савецкага Саюза, уся тэрыторыя сённяшняй Украіны і Беларусі, павінны былі быць – я цытую загады – «зачышчаны» і падрыхтаваны для каланізацыі Германіяй. Гарады-мільённікі, такія як Ленінград, сённяшні Санкт-Пецярбург, Масква ці Кіеў, трэба было зраўняць з зямлёй.
У савецкіх ваеннапалонных таксама не бачылі палонных. Яны не былі таварышамі на гэты погляд. У іх адабралі права быць людзьмі – яны былі расчалавечаны. Вермахт, які нёс адказнасць за палонных, не збіраўся забяспечваць ім харчаванне, «пракорм», як тады казалі. І генералітэт Германіі не выказаўся супраць намеру Гітлера зрабіць вермахт выканаўцам гэтага злачынства. «Ваеннапалонныя, якія не працуюць, павінны паміраць галоднай смерцю», – так загадаў генерал-кватэрмайстар нямецкай арміі ў лістападзе 1941.
Барыс Папоў, пра якога я распавядаю, галадаў у чатырох розных нямецкіх лагерах, з першага па апошні дзень свайго палону. У «Драздах», як ён расказвае, толькі праз дванацаць дзён яны атрымалі паўлітра «баланды», вадзяністага супу, яго ім давялося зачэрпваць з чыгуннай ванны, побач з якой іх гналі нямецкія наглядчыкі.
Акрамя голаду былі і смяротныя гігіенічныя ўмовы. Распаўсюджваюцца паразіты, эпідэміі і хваробы. Ваеннапалонны Мікалай Мікалаевіч Данілаў распавядае: «Хворыя і здаровыя ляжалі ўпярэмешку. Па нашых целах поўзалі вошы і пацукі. Медыцынскай дапамогі амаль не было».
На выставе, якую мы сёння адкрываем, можна пабачыць, здаецца, звычайнае фота. На ім сотні дрэваў, якія ўздымаюцца да нябёсаў. Калі паглядзець уважлівей, бачна: гэта дрэвы без лісця, без галін, без кары. Савецкія ваеннапалонныя голымі рукамі здзіралі яе са ствалоў, каб не памерці галоднай смерцю. Гэта фота дае нам уяўленне аб жудасным становішчы ў гэтых лагерах. Яно зроблена ў горадзе Шлос-Хольтэ-Штукенброк, рэгіён Усходняя Вестфалія. Яшчэ адно месца злачынства, але ўжо не дзесьці далёка на ўсходзе, а на адлегласці менш за гадзіну ад майго роднага горада, ад месца, дзе я вырас і дзе я ў свае школьныя гады так нічога і не даведаўся пра тое, што адбывалася там менш чым два дзясяцігоддзі таму.
Пасля «Драздоў» Барыса Папова пераводзяць у былы лагер для ваеннапалонных «шталаг» 352 у Масюкоўшчыне, сёння гэта раён Мінска. Толькі тут загінулі 80 000 ваеннапалонных. Але Папову шанцуе, ён павінен працаваць рознарабочым у паштовым аддзяленні ваеннай адміністрацыі. У пачатку 1942 яго пераводзяць у лагер у Гомелі, яшчэ праз два месяцы – у «шталаг» IV-B тут у Брандэнбургу.
Сваё вызваленне Барыс Папоў сустрэў 23 красавіка 1945 у Мюльбергу-на-Эльбе. Яго лёс – выключэнне: амаль шэсць мільёнаў чырвонаармейцаў трапілі ў нямецкі палон. Больш за палову з іх загінулі – большасць у зборных лагерах на ўсходзе.
Пасля вызвалення Барыс Папоў змог – упершыню за чатыры гады – напісаць ліст сваёй маці. У Ленінград. Ён не ведае, ці жывая яна яшчэ. Мільён ленінградцаў памерлі ад голаду падчас нямецкай блакады. Некалькі гадоў таму Данііл Гранін расказваў у Германскім Бундэстагу пра жахі блакады: «Смерць знішчала ціха, маўкліва, дзень за днём, месяц за месяцам – усе 900 дзён. Як схаваешся ад голаду? […] Саскрабалі клей са шпалераў, варылі скураныя рамяні. Хімікі ў інстытутах дыстылявалі пакост. З'ядалі кошак і сабак». У блакадным горадзе ў ежу ішлі немагчымыя рэчы. У сваёй незабыўнай прамове Данііл Гранін расказваў пра жахі, якія мне, як прэзідэнту гэтай краіны, цяжка нават вымавіць.
І гэтыя наўмысныя дзеянні, рашэнне не займаць горад, а пакінуць яго галадаць у 900-дзённай блакадзе, былі – як я цытаваў раней – часткай так званага «Плану голаду».
Маці Барыса Папова перажыла блакаду. У 1946 Барыс Папоў вяртаецца ў Ленінград. Ён сканчае інстытут, жэніцца і пераязджае са сваёй жонкай у Мінск, дзе працуе галоўным інжэнерам на кінастудыі «Беларусьфільм». На гэтай пасадзе ён у сямідзесятыя гады нават зноў наведвае Германію.
Барыс Папоў пакінуў нам кранальную гісторыю свайго жыцця. Але яе доўга зусім ніхто не хацеў чуць. Ні ў Савецкім Саюзе, дзе ён да 1975 года вымушаны быў змагацца за тое, каб, як былы ваеннапалонны, увогуле быць прызнаным удзельнікам вайны, ні ў Германіі. Цяжкі лёс уласных нямецкіх салдат, якія былі ў савецкім палоне, переважаў цікавасць да лёсу савецкіх салдат. Некаторым немцам непасрэдна пасля вайны гэта, магчыма, таксама палягчала сумленне.
Але злачынствы, здзейсненыя немцамі ў гэтай вайне, ляжаць на нас цяжкім грузам. Яны гнятуць нашчадкаў ахвяр, як і нас, сённяшнее пакаленне. Да сённяшняга дня. На нас ляжыць груз таго, што менавіта нашы бацькі, дзяды і прадзеды вялі гэту вайну, удзельнічалі ў гэтых злачынствах. На нас ляжыць груз таго, што занадта шмат злачынцаў, на якіх была цяжэйшая віна, не былі прыцягнуты да адказнасці. На нас ляжыць груз таго, што мы занадта доўга адмаўлялі ахвярам на ўсходзе нашага кантынента ў прызнанні, у тым ліку і ў прызнанні праз захаванне памяці.
І давайце ў сённяшні дзень не будзем забываць: у нас саміх, у гісторыях нашых уласных сем’яў таксама дагэтуль жывыя пакуты, жахі гэтай вайны і яе наступстваў: я гавару пра выгнанне, гавару пра падзел, пра акупацыю. Сярод нас жывуць старыя людзі, якія перажылі вайну яшчэ ў дзяцінстве. Іх бацькі, якія ваявалі. Іх маці, жанчыны, якія спазналі шмат кепскага, у тым ліку ад Чырвонай Арміі пры яе наступленні. Шмат у каго бацькі, як яшчэ казалі некалькі гадоў таму, «засталіся ў Расіі». Яны загінулі, зніклі без весткаў або памерлі ў палоне. На шляхах гэтага пакалення, што засталося без бацькаў, таксама ляжыць цень той вайны.
Каб праліць святло на гэтыя цені ў патаемных куточках памяці, не трэба ісці далёка – яны ёсць зусім побач з намі. Гэта былыя лагеры ваеннапалонных, такія, як Штукенброк у Вестфаліі ці Зандбостэль у Ніжняй Саксоніі, які я наведаў некалькі дзён таму. У Германіі знаходзяцца больш за 3.500 пахаванняў савецкіх грамадзян, вывезеных на прымусовую працу, і ваеннапалонных. Музей у Карлсхорсце сабраў інфармацыю пра гэтыя месцы і распрацаваў карту з імі. Я вельмі хацеў бы, каб так, як наведваюць мемарыялы Другой сусветнай вайны на захадзе, маладыя людзі таксама наведвалі бы забытыя месцы на ўсходзе нашага кантынента. Гэта стала бы такім важным унёскам у нашу агульную памяць.
Канешне, нікому не лёгка ўспамінаць пра жахі мінулага. Але выціснутыя ўспаміны, непрызнаная віна ніколі не становяцца лягчэй, яны становяцца ўсё цяжэйшым грузам.
Мы павінны памятаць не для таго, каб узваліць на сённяшнія і будучыя пакаленні віну за тое, чаго яны не рабілі, а для нас саміх. Мы павінны памятаць, каб разумець, як уплывае гэта мінулае на нашу сучаснаць. Толькі той, хто навучыцца чытаць сляды мінулага ў сучасным, зможа зрабіць унёсак у будучыню, якая дазволіць пазбягаць войнаў, не даваць шанцаў тыраніі і забяспечваць мірнае і свабоднае суіснаванне.
І таму мы павінны ведаць, што такія месцы, як Мізач, Бабін Яр і Карукаўка ва Украіне, як Ржэў у Расіі, як Малы Трасцянец і Хатынь у Беларусі, што ўсе гэтыя забытыя месцы належаць і да гісторыі Германіі.
Тое, што пасля ўсіх гэтых падзей менавіта ў гэтых месцах немцаў гасцінна прымаюць у Беларусі, Украіне ці Расіі, і тое, што ім рады, што іх сустракаюць з цеплынёй – гэта не менш чым цуд.
Тое, як шэсць гадоў таму ў гадавіну заканчэння вайны мяне ў якасці міністра замежных спраў Германіі на ўрачыстым мерапрыемстве ў Валгаградзе, былым Сталінградзе, сустракала вялікая колькасць ветэранаў – яны трымаліся прама і горда ў ваеннай форме, якая стала ім занадта вялікай, уздымаючы рукі ў ваенным прывітанні, са слязамі ў вачах – адзін з кранальных і вызначальных успамінаў у маім жыцці.
Мая просьба да Вас: давайце ў гэты дзень, у які мы ўзгадваем мільёны загінуўшых, таксама ўсвядомім, наколькі вялікая каштоўнасць прымірэння, якое ўзрасло над магільнымі халмамі.
З гэтага падарунка прымірэння для Германіі вынікае вялікая адказнасць. Мы хочам, і мы павінны рабіць усё, каб абараняць міжнароднае права і тэрытарыяльную цэласнасць на гэтым кантыненце, каб працаваць дзеля міру з і паміж усімі краінамі былога Савецкага Саюза.
У 2007 годзе Барыс Папоў атрымаў пошту ад нямецкага аб’яднання «Kontakte-Контакты». Яго папрасілі распавесці сваю гісторыю ў лісце. Гэты першы ліст стаў пачаткам. Да сваёй смерці ў мінулым годзе Барыс Папоў выступаў з дакладамі і прамовамі, як сведка ваенных часоў, распавядаў пра сваё жыццё ў школах і на публічных мерапрыемствах у Беларусі і Германіі. У сакавіку 2020 года за некалькі месяцаў да яго смерці яму ў Мінску быў уручаны Крыж за заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія.
Я ведаю, што Зоя Міхайлаўна Папова, удава Барыса Папова, і яе ўнучка зараз глядзяць з Мінска прамую трансляцыю. Перадаю ім самыя сардэчныя прывітанні.
На пытанне берлінскага вучня, што ён адчувае, успамінаючы часы свайго знаходжання ў палоне, Барыс Папоў аднойчы сказаў:
«Паўстае пытанне: ці не прыйшоў для чалавецтва час адмовіцца ад войнаў у прынцыпе і перайсці да адносінаў узаемнай павагі, у якіх усе, нават самыя складаныя пытанні, вырашаюцца мірным шляхам?»
Гэта пытанне, якое Барыс Папоў задаваў нам.
На маё ўражанне, калісьці Еўропа ўжо была бліжэй да адказу на пытанне Папова, чым сёння. Некалькі дзесяцігоддзяў таму, нягледзячы на напружанасць і канфрантацыю блокаў, па абодвух баках «жалезнай заслоны» існаваў іншы дух. Я маю на ўвазе дух Хельсінкскіх пагадненняў. Сярод узаемных пагроз атамнага знішчэння з гэтага духу ўзнік працэс, які дзякуючы прызнанню агульных прынцыпаў і супрацоўніцтву імкнуўся і дазволіў прадухіліць новую вайну. Гэты шлях, які прывёў нас да заключнага акта ў Хельсінкі, з’явіўся амаль паўстагоддзя таму. Ён не быў ні простым, ні прамым. Але гэта быў шлях, які адводзіў ад логікі эскалацыі і пагрозы ўзаемнага знішчэння. Можна сказаць, што шлях гэты быў доўгім і цярністым. Але для мяне страшнейшыя за любыя цярністыя шляхі бяздзейнасць і адчужэнне.
Мяне вельмі непакоіць, што гісторыя пакутаў, якую мы сёння ўзгадваем, сама ўсё больш становіцца крыніцай адчужэння. Калі позірк у мінулае звужваецца да адзінай нацыянальнай перспектывы, калі абмен думкамі аб розных перспектывах памяці сціхае ці ад яго адмаўляюцца, тады праца над напісаннем гісторыі пераўтвараецца ў інструмент для новых канфліктаў, падставу для новай варожасці. І таму я па-ранейшаму ўпэўнены: гісторыя не павінна станавіцца зброяй.
Таму што ўсіх нас аб’ядноўвае наступнае: усе мы ўспамінаем, не адвярнуўшыся ад будучыні, а гледзячы ў нашу агульную будучыню з ясным і гучным заклікам: ніколі больш не павінна быць такой вайны! Я ведаю, што гэты мой заклік падзяляюць многія, многія людзі ў Польшчы і краінах Балтыі, Украіне, Беларусі і Расіі, ва ўсіх дзяржавах на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. Да ўсіх Вас, грамадзян усіх гэтых краін, якія пакутвалі ад вайны Германіі, накіраванай на знішчэнне, я сёння звяртаюся з гэтымі словамі:
Не дазваляйце! Не дазволім, каб мы зноў сталі ворагамі адно для аднаго. Каб мы перасталі бачыць чалавека ў іншым. Не дазволім, каб тыя, за кім захоўваецца апошняе слова, выкарыстоўвалі яго для пагарды, варожасці і адчужэння. Памяць павінна набліжаць нас адно да аднаго. Яна не павінна зноў нас раз’ядноўваць.
Тут, у гэтым будынку афіцыяльна скончылася вайна. Таму для нашай краіны і для гэтага горада Карлсхорст назаўсёды застанецца асобым месцам – месцам памяці.
З усімі палітычнымі супярэчнасцямі, з усімі неабходнымі спрэчкамі аб свабодзе, дэмакратыі і бяспецы павінна захоўвацца месца для памяці! Таму сёння я тут.
Памяць аб мінулым, канешне, не лечыць раны, якія наносяцца ў сучаснасці, але і сучаснасць ніколі не сцірае мінулага. Так ці інакш мінулае працягвае жыць у нас: альбо як выціснутая гісторыя, альбо як гісторыя, якую мы прымаем. Занадта доўга мы, немцы, не рабілі гэтага ў адносінах да злачынстваў, якія здзяйсняліся на ўсходзе нашага кантынента.
Дзеля гэтага сёння мы тут у Карлсхорсце. Мы тут, каб узгадаць 27 мільёнаў загінуўшых, 14 мільёнаў ахвяр сярод мірных жыхароў.
Мы сабраліся тут, каб успомніць неімаверны ўнёсак мужчын і жанчын, якія змагаліся ў шэрагах Чырвонай Арміі супраць нацысцкай Германіі.
Мы ўзгадваем іх мужнасць і рашучасць, мільёны людзей, якія разам з амерыканскімі, брытанскімі і французскімі саюзнікамі і многімі іншымі рызыкавалі сваім жыццём і многія аддалі яго за вызваленне ад тыраніі нацыянал-сацыялізму.
Я сведчу сваю глыбокую павагу за іх барацьбу супраць – як піша Іегуда Бауэр – «найгоршага рэжыму, які калі-небудзь зганьбаваў гэту планету».
У смутку я схіляюся перад украінскімі, беларускімі і рускімі ахвярамі, перад усімі ахвярамі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.
Давайце ўсе працаваць для іншай, лепшай будучыні. Яна ў нашых руках.