Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі

Віншаванні з яўрэйскім Новым годам 5782 (Рош Хашана)

Драўляная дошка з гранатамі, яблыкамі і мёдам

Драўляная дошка з гранатамі, яблыкамі і мёдам, © Colourbox.de

06.09.2021 - Артыкул

Прывітальнае слова Федэральнага міністра замежных спраў Хайка Мааса з нагоды яўрэйскага Новага года 5782 (Рош Хашана)

Bundesaußenminister Heiko Maas
Bundesaußenminister Heiko Maas© Thomas Imo/photothek.net

Усім яўрэям, іх сем’ям і сябрам у Германіі і ва ўсім свеце жадаю ад усёй душы благаславення, шчасця і здароўя ў Новым 5782-м годзе!

У гэтым годзе мы адзначаем асаблівы юбілей –  1700 гадоў жыцця яўрэяў у Германіі. Шматлікія мерапрыемствы апошніх месяцаў у Германіі і за мяжой выразна прадэманстравалі нам значэнне, разнастайнасць і глыбокія ўзаемасувязі жыцця яўрэяў у Германіі на працягу многіх стагоддзяў: гэты юбілей дае нам шмат магчымасцей для разумення, шанавання памяці і будаўніцтва шляхоў у будучыню. Мы вельмі рады, што ў гэтым годзе гістарычна значныя і сусветна вядомыя цэнтры іўдаізму ў гарадах ШУМ Майнц, Вормс і Шпаер былі ўключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта рашэнне падкрэслівае глыбокае ўкараненне жыцця яўрэяў у Германіі і адначасова з’яўляецца для нас стымулам зноў адкрываць для сябе гэту важную частку нашай гісторыі і яшчэ больш спрыяць азнаямленню з ёй моладзі. Я ўдзячны, што сёння шмат яўрэяў называюць Германію сваёй радзімай і працягваюць гэтыя багатыя традыцыі.

Але мінулы год быў таксама складаным, годам, у які антысемітызм ізноў паказаў у Германіі сваё агіднае аблічча. Ганебныя антысеміцкія выказванні падчас дэманстрацый супраць абмежаванняў у сувязі з пандэміяй і асабліва нападзенні і беспарадкі ў маі прадэманстравалі нам, якім пагрозам па-ранейшаму падвяргаюцца яўрэі ў Германіі. Мы не паслабім нашай дзейнасці супраць антысемітызму і прымяншэння значэння Халакосту. Шматлікімі ініцыятывамі і праектамі ў Германіі, Еўрапейскім Саюзе, Міжнародным альянсе па захаванні памяці аб Халакосце і Савеце Еўропы мы супрацьстаім антысемітызму, антыцыганізму і расізму – бо гэта мае дачыненне да ўсіх нас. Разам мы хочам абараняць згуртаванасць нашага адкрытага і ліберальнага грамадства.

Ізраілю я таксама шлю свае найлепшыя пажаданні да Новага года! Я асабліва ўдзячны за шматлікія спачуванні і велізарную гатоўнасць дапамагчы, якую мы адчулі ад Ізраіля пасля катастрафічнай паводкі ў некаторых рэгіёнах Германіі ў ліпені. Гэта паказвае глыбокае ўкараненне нашых цесных, разнастайных і выключных адносін у грамадстве. Гэтыя адносіны мы хочам умацоўваць і надалей.

Жадаю ўсім Вам добрых святаў. Будзьце здаровы, і няхай усе Вашы добрыя намеры і жаданні на наступны год здзейсняцца! Шана това ў метука!

Хайка Маас
Федэральны міністр замежных спраў

Да пачатку старонкі