Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі

Заходнія дыпламаты сустрэліся з беларускім міністрам замежных спраў Макеем

09.12.2020 - Артыкул

Сёння кіраўнікі дыпламатычных місій ЕС і дзяржаў-членаў ЕС, прадстаўленых у Мінску, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і ЗША сустрэліся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.

Дыпламаты запыталіся пра планы беларускіх уладаў у дачыненні да выканання патрабаванняў канстытуцыі краіны і міжнародных абавязацельстваў, якія тычацца фундаментальных правоў і свабод, а таксама вяршэнства права, што, у першую чаргу, выявілася б у наступным:

- спыненні затрыманняў, гвалту і бесчалавечнага абыходжання з мірнымі пратэстоўцамі;

- вызваленні ўсіх палітычных зняволеных і несправядліва затрыманых;

- судовым пераследзе тых, хто санкцыянаваў і здзяйсняў акты гвалту і бесчалавечнага абыходжання, якія прывялі да раненняў, траўм, гібелі людзей i фармавання агульнай атмасферы беззаконнасці;

- правядзенні свабодных і справядлівых выбараў пад незалежным назіраннем.

Дыпламаты таксама праінфармавалі міністра аб магчымых сцэнарах, па якіх маглі б развівацца адпаведныя двухбаковыя адносіны, калі б улады Беларусі ажыццявілі адчувальныя і значныя крокі па аднаўленні вяршэнства права.

Кіраўнікі місій заклікалі ўлады краіны знаходжання ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія перашкаджаюць дыпламатычнай супольнасці ў Беларусі ў выкананні сваіх стандартных дыпламатычных абавязкаў у атмасферы, свабоднай ад умяшання і запалохвання. Яны таксама выказалі чаканне, што беларускі бок пагодзіцца на вяртанне ў Беларусь паслоў Літвы і Польшчы і іх штата дыпламатычных супрацоўнікаў да канца года.

Дыпламаты паўтарылі, што іх урады гатовы аказваць падтрымку і садзейнічаць інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу ў Беларусі, абараняючы суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, а таксама яе бяспечную, дэмакратычную і квітнеючую будучыню.

Да пачатку старонкі