Вітаем Вас на сайтах Міністэрства замежных спраў Германіі

Двухбаковыя адносіны Германіі і Беларусі

30.03.2018 - Артыкул

Па стане на сакавік 2018 г.

Палітычныя адносіны

Адразу пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі ў 1991 г. і аднаўлення дыпламатычных адносін 13 сакавіка 1992 г. германа-беларускія адносіны ў сферы палітыкі развіваліся спачатку станоўча. Да сярэдзіны 1990-х гг. актыўна ажыццяўляліся ўзаемныя візіты, праходзілі шматлікія сустрэчы на ўзроўні міністраў з абодвух бакоў. Аднак пасля ўступлення А. Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта (1994 г.) унутраная палітыка ў Беларусі ва ўсё большай ступені пачала абцяжарваць адносіны з дзяржавамі-членамі Еўрапейскага Саюза і такім чынам і з Германіяй. Гэта прывяло ўрэшце да рашэння Савета Еврапейскага Саюза ад 15 верасня 1997 г. аб абмежаванні палітычных адносін з Беларуссю. З таго часу Германскі Бундэстаг і Федэральны ўрад неаднаразова заклікалі Беларусь да прагрэсу ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і паважання прынцыпаў прававой дзяржавы.

Прэзідэнцкія выбары 19.12.2010 г., якія адзначаліся маніпуляцыямі і непразрыстасцю, прымяненне сілы з боку ўладаў супраць удзельнікаў дэманстрацыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, а таксама палітычна матываваныя прысуды, якія былі вынесены ў адносінах да болей чым 30 чалавек і прадугледжвалі для некаторых з іх пазбаўленне волі на некалькі гадоў, рэзка крытыкаваліся Федэральным урадам. Гэтыя падзеі нанеслі ўдар не толькі па працэсе дэмакратызацыі і збліжэнні Беларусі з ЕС, але і па двухбаковых адносінах паміж  Беларуссю і Германіяй.

Пасля вызвалення апошніх палітычных зняволеных 22 жніўня 2015 г., а таксама пасля прайшоўшых без прымянення рэпрэсій і насілля прэзідэнцкіх выбараў 11 кастрычніка 2015 г., парламенцкіх выбараў 11 верасня 2016 г. (незалежна ад абгрунтаванай крытыкі з боку місіі назіральнікаў БДІПЧ у адносінах да падрыхтоўкі і правядзення выбараў) і пасля выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 18 лютага 2018 г. адкрыліся новыя перспектывы для палітычнага і эканамічнага дыялогу паміж Германіяй і Беларуссю. Таксама заслугоўвае прызнання роля Мінска ў кантэксце міжнародных намаганняў па мірным рэгуляванні ўкраінскага крызісу.

18 лістапада 2015 г. Міністр замежных спраў Штайнмаер у Берліне прыняў свайго беларускага калегу Макея. У лістападзе 2016 г. у Мінску пасля пяцігадовага перапынку ўпершыню адбыўся Мінскі форум, які з часу яго заснавання ў 1997 г. стаў найбуйнейшай нямецкамоўнай платформай для дыялогу паміж Германіяй, ЕС і Беларуссю. 13 сакавіка 2017 г. адзначалася 25-годдзе аднаўлення дыпламатычных адносін. У той жа дзень у Мінску была адкрыта вандроўная выстава аб лагеры смерці „Трасцянец“. З нагоды 20-гадовага юбілею Мінскага форуму Міністр замежных спраў Габрыэль 17 лістапада 2017 г. наведаў Мінск і сустрэўся з Прэзідэнтам Лукашэнкам і сваім беларускім калегам Макеем.   

Адносіны ў галіне эканомікі

Германія з‘яўляецца важным гандлёвым партнёрам Беларусі. Пасля таго, як у папярэдні год узаемны тавараабарот значна скараціўся, у 2017 годзе назіраўся пэўны рост. Аб'ём беларускага экспарту ў Германію склаў 428,2 млн. USD (+17% да папярэдняга году), імпарт з Германіі ў Беларусь: 596,5 млн. USD (+28%).

Германія, на долю якой прыпадае каля 4,5% усяго знешнегандлёвага тавараабароту Беларусі, займае 4-е месца сярод гандлёвых партнёраў Беларусі пасля Расіі, Украіны і Велікабрытаніі.

Беларусь экспартуе ў Германію перш за ўсё прадукты мінеральнага паходжання, металы і вырабы з іх, прадукты хімічнай прамысловасці і сумежных галінаў, драўніну і прадукты дрэваапрацоўкі. З Германіі імпартуюцца пераважна станкі і абсталяванне, транспартныя сродкі, прадукцыя хімічнай прамысловасці і сумежных галінаў, сінтэтычныя матэрыялы і вырабы з іх.

Германская эканоміка прадстаўлена ў Мінску з 2001 г. Прадстаўніцтвам Нямецкага Саюза прамыслова-гандлёвых палат (DIHK). Нягледзячы на складаныя эканамічныя і адміністрацыйныя рамачныя ўмовы зараз у Беларусі дзейнічаюць каля 350 германскіх прадпрыемстваў. Каля 80 з іх маюць свае прадстаўніцтвы, якія амаль усе з'яўляюцца членамі Нямецка-Беларускага эканамічнага клуба.

Адносіны ў галіне культуры і адукацыі

Асновай германа-беларускіх адносін у сферы культуры з'яўляецца Пагадненне аб культурным супрацоўніцтве, якое было падпісана ў 1994 г. Прыярытэтамі культурнага супрацоўніцтва з'яўляюцца сферы адукацыі і навукі, папулярызацыя нямецкай мовы, а таксама музыка, тэатр і выстаўкі. Адкрыты ў 1993 г. Інстытут імя Гётэ ў Мінску акрамя інтэнсіўнай моўнай працы арганізуе розныя мерапрыемствы ў галіне культуры ў сталіцы і рэгіёнах. Інстытут імя Гётэ курыруе таксама нямецкую сетку бібліятэк у Беларусі.

Германская служба акадэмічных абменаў DAAD (прадстаўлена ў Мінску з 2003 г. Інфармацыйным бюро), Германскае навукова-даследчае таварыства і Фонд імя Аляксандра фон Гумбальдта падтрымліваюць навуковыя праекты ў Беларусі. Германская служба акадэмічных абменаў супрацоўнічае з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі, садзейнічае развіццю супрацоўніцтва з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Германіі і штогод выдзяляе сотні індывідуальных і праектных стыпендый.

Заснаваны ў 1998 г. Інстытут нямецкіх даследаванняў (IfD) у Мінску ў канцы 2011 г. як асобны інстытут быў уключаны ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён мае ў сваім распараджэнні самую вялікую па аб'ёме бібліятэку спецыяльнай літаратуры на нямецкай мове ў галінах эканомікі, палітыкі і права ў Беларусі. Новым накірункам дзейнасці інстытута з'яўляецца арганізацыя двухбаковых адукацыйных праграм у сферах эканомікі і культуры.

У галіне школьнай адукацыі ў Беларусі працуюць Цэнтральнае ўпраўленне па справах нямецкай школьнай адукацыі за мяжой (ZfA) і Інстытут імя Гётэ ў рамках ініцыятывы «Школы: партнёры будучыні», у якой на дадзены момант удзельнічаюць 22 беларускія школы. У канцы 2009 г. сваё прадстаўніцтва ў Мінску адкрыў Германскі саюз народных універсітэтаў «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.», які пад дэвізам «Адукацыя на працягу ўсяго жыцця» рэалізуе ў рэспубліцы праекты ў галіне адукацыі дарослых.

Традыцыйным кульмінацыйным пунктам германскай актыўнасці ў галіне культуры ў Беларусі з'яўляюцца Тыдні Германіі, якія арганізуюцца германскімі адукацыйнымі і культурнымі ўстановамі сумесна з іх беларускімі партнёрамі і Пасольствам Германіі штогод увосень і карыстаюцца вялікім поспехам. Традыцыяй стаў таксама ўдзел Пасольства Германіі і Інстытута імя Гётэ ў штогадовай Мінскай міжнароднай кніжнай выставе.

Адносіны ў сферы грамадзянскай супольнасці

Цесныя сувязі паміж Беларуссю і Германіяй традыцыйна існуюць у сферы грамадзянскай супольнасці. Вялікая колькасць прыватных германскіх ініцыятыў і праз больш за тры дзесяцігоддзі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. актыўна працуе ў галіне гуманітарнай дапамогі з мэтай пераадолення яе наступстваў.

Шматлікія германскія няўрадавыя арганізацыі прысвяцілі сябе рабоце ў сферы прымірэння з Беларуссю, якая ў асаблівай ступені пацярпела падчас абедзвюх сусветных войнаў. У гэтым плане Федэральны ўрад падтрымлівае разнастайную дзейнасць грамадзянскай супольнасці, напрыклад, у кантэксце стварэння мемарыяла “Трасцянец”. Падрыхтаваная сумесна беларускімі і нямецкімі экспертамі вандроўная выстава аб лагеры смерці “Трасцянец” 13 сакавіка 2017 г. была адкрыта ў Мінску як уклад у сумесную еўрапейскую культуру памяці.

Важную ролю для развіцця адносін паміж людзьмі абедзвюх краін адыгрываюць партнёрскія сувязі, у якіх прымаюць удзел па 20 гарадоў-пабрацімаў з кожнага боку. Гэтыя сувязі паміж гарадамі дапаўняюцца партнёрскімі сувязямі паміж школамі.

З 1994 г. у Мінску ў якасці германа-беларускага сумеснага прадпрыемства працуе Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Іаганеса Рау (ММАЦ), які паставіў перад сабой мэту стаць местам сустрэч, прымірэння і дыялогу. Разнастайная міжкультурная праца ў галіне адукацыі і кантактаў, арыентаваная на грамадзянскую супольнасць, якая праводзіцца ў такіх сферах, як палітыка, эканоміка, гісторыя, СМІ, экуменізм, навакольнае асяроддзе і сацыяльныя аспекты, садзейнічае станаўленню дэмакратычных структур і структур прававой дзяржавы.

Германскі Фонд міжнароднага прававога супрацоўніцтва (IRZ) пасля шматгадовага перапынку з прычыны палітычных рамачных умоў у 2016 годзе аднавіў сваю працу ў Беларусі. Ён супрацоўнічае і ажыццяўляе кансалтынгаваю дзейнасць у прыватнасці у галінах законатворчасці і юрыдычных паслуг. Такія палітычныя фонды як Фонд імя Фрыдрыха Эберта (FES) і Фонд імя Конрада Адэнаўэра (KAS) сваімі праграмамі і праектамі ў Беларусі таксама ўносяць уклад у двухбаковае супрацоўніцтва і ўзаемаразуменне. 

Да пачатку старонкі