Willkommen auf den Seiten des Auswärtigen Amts

Нямецкі футбольны саюз абвясціў канчатковы склад бундэстым на чэмпіянат свету ў Расіі

Cклад зборнай Германіі на ЧС-2018

Cклад зборнай Германіі на ЧС-2018, © picture alliance / Sven Simon

11.06.2018 - Артыкул

Афіцыйна спіс павінен быў з'явіцца ў панядзелак (4.06.), аднак саюз фактычна абнародаваў склад каманды ўжо ў мінулы чацвер (31.05.) да суботняга (2.06.) кантрольнага матча немцаў з аўстрыйцамі, які падначаленыя Ёахіма Лёва, дарэчы кажучы, прайгралі (1-2).

"Сюрпрыз" з'явіўся на афыцыйным сайце Нямецкага футбольнага саюза (ням. Deutscher Fußball-Bund, DFB) у выглядзе постэра нацыянальнай зборнай з 23 футбалістамі, якія павінны прыняць удзел у чэмпіянаце свету.

"Абавязкова знайду вінаватага, – прыгразіў спартыўны дырэктар нямецкай зборнай Олівер Бірхаф. – Усе хлопцы, якія прынялі ўдзел у трэніровачным зборы, зрабілі выдатнае ўражанне, і выбар быў няпростым. Мы планавалі паведаміць сваё рашэнне тым, хто не трапіў у спіс, у дзень афіцыйнага абвяшчэння складу, пасля асабістай размовы з кожным". Прэс-сакратар Нямецкага футбольнага саюза растлумачыў з'яўленне плаката памылкай арганізацыі, якая разам з DFB працуе над сацыяльнымі праектамі.

Тым не менш афыцыйна склад быў аб'яўлены Лёвам у панядзелак на прэс-канферэнцыі. Пасля гэтага стала зразумела, што ў Расію не паедуць абаронца Джонатан Та ("Баер"), галкіпер Бернд Лено ("Баер") і нападаючы Нільс Петэрсен ("Фрайбург").

Але сапраўднай сенсацыяй стала тое, што Лёў "адчапіў" ад склада каманды Лероя Сане ("Манчэстэр Сіці"), які стаў адным з лепшых гульцоў англійскай прэм'ер-лігі мінулага сезона і быў прызнаны лепшым маладым футбалістам у Англіі.

"Быў цяжкі выбар паміж ім і Юліянам Брандтам, – патлумачыў настаўнік на прэс-канферэнцыі. – І мы выбралі Брандта. Лерой – вялікі талент, і ён вернецца ў верасні. Аднак пакуль ён не праявіў сябе ў матчах за зборную".

І сапраўды, за нацыянальную каманду Сане правёў 12 матчаў, але пры гэтым не забіў ніводнага мяча, зрабіўшы ўсяго адну рэзультатыўную перадачу.

Канчатковая заяўка зборнай Германіі на ЧС-2018 выглядае наступным чынам:

Брамнікі: Мануэль Ноер ("Баварыя"), Кевін Трап ("ПСЖ", Францыя), Марк-Андрэ тэр Штэген ("Барселона", Іспанія);

Абаронцы: Ёнас Хектар ("Кёльн"), Антоніа Рудыгер ("Чэлсі", Англія), Ніклас Зюле, Матс Хумельс, Ёзуа Кіміх, Жэром Баатэнг ("Баварыя"), Маціяс Гінтэр ("Барусія" М), Марвін Платэнхардт ("Герта");

Паўабаронцы: Юліян Дракслер ("ПСЖ"), Марка Ройс ("Барусія" Д), Леон Гарэцка ("Шальке"), Тоні Кроос ("Рэал", Іспанія), Юліян Брандт ("Баер"), Томас Мюлер, Себасцьян Рудзі ("Баварыя"), Месут Азіл ("Арсенал", Англія), Ілкай Гюндаган ("Манчэстэр Сіці", Англія), Самі Хедзіра ("Ювентус", Італія);

Нападаючыя: Марыа Гомес ("Штутгарт"), Ціма Вернер ("Лейпцыг").

Капітан каманды – Мануэль Ноер, які ў мінулым сезоне прапусціў дзевяць месяцаў з-за цяжкай траўмы.

Нагадаем, што ЧС-2018 пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня, а нямецкая зборная на групавым этапе згуляе з камандамі Швецыі, Мексікі і Карэі.

Спартыўныя эксперты падкрэсліваюць, што бундэстым падыходзіць да чэмпіянату свету па футболе на піке формы, а букмекеры адводзяць «нямецкай машыне» першае месца ў групе F. Калі ўсе прагнозы спраўдзяцца, то мы ўбачым зборную Германіі ў фінале сёлетняга мундыяля.

Да пачатку старонкі